Астравецкая дзіцячая бібліятэка вырашыла арганізаваць для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Ветразь” краязнаўчае падарожжа “Быў зямлі сваёй сынам” (да 130-годдзя нараджэння Казіміра Сваяка, беларускага святара і паэта) у рамках Года малой радзімы.
Дзеці наведалі вёску Барані Астравецкага раёна, дзе знаходзіцца Музей Казіміра Сваяка (братоў Стаповічаў).
Падчас краязнаўчага падарожжа наведвальнікі аматарскага аб’яднання пабачылі хату, дзе нарадзіўся Казімір Сваяк, пазнаёміліся з абстаноўкай сялянскага побыту пачатку ХХ стагоддзя, ўмовамі, у якіх жыла сям’я Стаповічаў. Школьнікі даведаліся пра абсталяванне беларускай хаты, дзе цэнтральнае месца займала печ, што такое покуць (“чырвоны кут”), як выглядалі калыска для немаўлят, камода, драўляны стол з самаварам, ложак, калаўрот.
Работнік музея пазнаёміла прысутных з экспазіцыяй, прысвечанай жыццю і творчасці паэта і святара.
У сенцах захаваліся земляробчыя сельскагаспадарчыя прылады-для апрацоўкі ільна, для збора калоссяў і інш.
Наступным прыпынкам падарожжа былі Міхалішкі. Работнік Міхалішкаўскай сельскай бібліятэкі пазнаёміла дзяцей з помнікам архітэктуры ХVIIстагоддзя — касцёлам Святога Міхаіла Архангела і правяла экскурсію па Міхалішкаўскай сельскай бібліятэцы.